Карусь каганец модны шляхцюк кароткі змест

КАРУСЬ КАГАНЕЦ

МОДНЫ ШЛЯХЦЮК

Бытавая камедыя ў адной дзеі

АСОБЫ

Гаспадар Ян

Якуб, сват Пранцішка

Ганна, дачка Яна

Пранцішак

Ігнась — шляхцюкі з другога засценка

Андрэй, сват Ігнася

Суседзі Янавы

Усё дзеецца ў хаце Яна

З’ява I

(Ян і Якуб, седзячы за сталом, выпіваюць, закусваюць і вядуць гутарку.)

Ян (прапівае і налівае Якубу). Пій на здароўе!

Якуб. Будзь, ваша (прыймае чарку), здароў!

Ян. Пій на здароўе!

Якуб. Так то яно то… (глядзіць на чарку.) Так, так, так… (Уздыхае.) А ўсё ж па-людску не выходзіць…

Ян. А што там за бяда такая?

Якуб. Бяда — не бяда, а так, што яно не так, як трэба.

Ян. Ды пійце ж, пане браце! Пры чарцы і высказаць лягчэй будзе.

Якуб. Ну, дай божа, каб усё было гожа. (Выпівае і налівае Яну.) Э, Яне, Яне!

Ян. А што?

Якуб. Дзела, бачыш, маю. Ян. Ну, дык кажы, што там за дзела такое.

Якуб (скрабучыся за вухам). Так, — бачыце, ваша, — я як бы за дзелам, а і пачаць не ведаю з чаго…

Ян. Будзь здароў, пане браце. (П’е і налівае. Так скажы, пане браце, якое такое труднае дзела маеш. Але перш чарку выпій.

Якуб. Дзякую. Калі ж неяк і піці сорамна.

Ян. Чаму так? Чым хата багата, тым і рада.

Якуб. Дзякую, дзякую!

Ян. Я, бачыш, вельмі ўпрашваць не ўмею.

Якуб. Ды не аб тое. Здаецца, не цяпер мы знаемся.

Ян. Так чаму ж гэт ты?..

Якуб. Я, бачыш, ваша, на добры лад павінен бы сам да вас з гарэлкаю прыйсці. А так то і пачаці не ведаю з чаго…

Ян. Т-а-ак! Вось яно што…

Якуб. Да ўжо ж…

Ян. Праўда, што яно трохі не па-людску. А дзе ж наш маладзец? Чаму ён не прыехаў?

Якуб. Га, мода цяпер такая.

Ян. Мода-модаю, а звычай — святое дзела.

Якуб. Затым-то і мне так цяжка. Ці то мне першыня сватацца? Ці мала я на сваім вяку паненак кабетамі зрабіў? Бо, па праўдзе сказаўшы, у сватанні шчасце маю. Адно цяпер неяк язык у роце вязне.

Ян. Так, так…

Якуб. Сам не ведаю, што рабіць, але мой кавалер так захацеў.

Ян. Кепска, кепска.

Якуб. Кажа, што мода цяпер такая, што па-нашаму не сватаюцца. А ён жа ў гэтым дзеле маракуе, бо хлопец вучоны, шмат свету бачыў, у горадзе бываў, усялякай навукі набраўся, дык ужо і не жыве па-нашаму, але з культураю.

Ян. А што гэта такое?

Якуб (засаромеўшыся, заікаецца). Ну ку-уль-куль-ту-у-рра.

Ян. Куль-куль-куль… Нешта я гэтага ніяк не ўцямлю. Што гэта: баба якая ці што?

Якуб (заклапочаны). Па праўдзе сказаць, то я і сам не ведаю, што гэта такое.

Ян. Ну, дык чаму ж гаворыш ты, чаго не ведаеш сам. На ліха нам тыя думкі заморскія. Ці ў нас сваіх слоў не хватае?

Якуб. Не гневайся, вашэць: гэта ён мяне так навучыў, каб зразу відаць было, што ён не абы-які кавалер.

Ян. Ого-го! Штось мне не спанараўна. А хто ён такі, ваш гэты заморскі паніч?

Якуб. Пранцішак.

Ян. Які Пранцішак? Адкуль?

Якуб. Ды гэты, з Вішнёўкі, Карчэўшчык. Ян. Ага-а-а! Гэта Антона, вечны яму пакой, сын. Гэта той, што гаспадаркі не любіць і найболей у горадзе бадзяецца.

Якуб. Для навукі, бачыш, усё.

Ян. Ведаю я, якой навукі: у карты гуляць, гарэлку піць, за дзеўкамі валачыцца – вось гэткіх панічоў навукі.

Якуб. Ну, дык як жа будзе?

Ян. Пабачыма.

Якуб. Да і дачцы скажыце, каб не працівілася. Усё ж то так паніч бывалы, далікатны, – не так, як нашы засцянковыя.

Ян. Дачкі няволіць не буду. Як яна спадабае. Адну толькі маю. Яна ў мяне і дома гаспадыня, і ў полі работніца. Добрае дзіця. Вольную волю мае. Каб я толькі ведаў, што ён хлопец добры, не лайдак, то перашкод рабіць не буду.

Якуб. Так то яно так. Але растлумаче ёй, што гэта не просты хлопец, а вучоны.

Ян. А што тамака вучоны, вучоны. Хочаце, – самі намаўляйце. Я гаварыць не буду.

Якуб. А мо і пагаварыць з ёй…

Ян (кліча). Ганна, а, Ганна! Хадзі-тка, дзетка, сюды.

З’ява II

Ганна (убягае босая, падкасаўшыся, з дзеркачом у руках; убачыўшы чужога, засаромелся, абцягнула спадніцу і стала ў качарэжніку). Тато, мяне клікалі?

Ян. Але! Вось пан Якуб з табой пагаварыць хоча.

Ганна (утаропіўшыся). Пан Якуб?!

Якуб. Што, паненка, на мяне так дзівішся? Сядзь лепей, пагаворыма.

Ганна. Дзякуй, я магу і стоячы паслухаць.

Якуб (заклапочаны, памаўчаўшы). Памажыце, ваша, пане Яне.

Ян. Бачыш, Ганна! Пранцішак Карчэўшчык да цябе свата прыслаў.

Ганна (сарамліва павярнуўшыся да печы, нішчыкам усміхаецца і маўчыць).

Якуб. Ну, што ж паненка на эта скажа?

Ганна (прыкідваючыся нязнайкаю). Не ведаю.

Якуб. Падумай, паненка: ён жа і вучоны, і далікатны, і па-польску, і па-расейску гаварыць умее. Будзеце ў горадзе жыць з панамі таварыства вадзіць.

Ганна. У-у-га! (Як бы да сябе.) Так многа!

Якуб. Будзеш, паненка, у дарагіх сукнях хаджываць, далікатную страву есці… Ну, дык што ж, паненка, маўчыш? Кажы: пойдзеш за Пранцішка?

Ганна. Не ведаю.

Якуб. Не саромейся, паненка.

Ганна. Нашто мне гэта ўсё? Ці мне ў бацькі дрэнна?

Ян. Дрэнна – не дрэнна, але векаваць пры мне не будзеш. Трэба ж калі-небудзь замуж выйсці.

Ганна. Ваша, тата, воля, але пры вас я бы ахвотней асталася.

Якуб. А калі б вам у горадзе добра пайшло, дык і бацьку ўзялі б к сабе. Бацька на старасці супачыў бы ад працы. У горадзе і памаліцца ёсць дзе…

Ян. Бог усюды ё, а ў горадзе мне не прынадна. Дый сам, вашэць, я думаю, не вельмі б то ў горадзе рад жыў.

Якуб. Яно так то так; я бы ў горадзе не мог жыць, бо ўжо стары – цяжка прывыкаць. А маладым то другое.

Ян. Ну, Ганна! А што ты на гэта?

Ганна (маўчыць, адно край хвартушка зубамі цярэбіць).

Якуб. Бачу, што з паненкаю да ладу не дайду, бо саромеецца, а сваё дзела я споўніў, дый то толькі праз памяць нябожчыка бацьку Пранцішкава, бо сам бы я за гэтакае сватаўство не ўзяўся. А цяпер, людцы добрыя, аставайцеся здаровы, хай бацька з дочкаю парадзяцца добра, а Пранцішак сам на адповедзь прыйдзе, калі ў яго мода такая. Бывайце здаровы!

Ян. Ідзіце з богам здаровы! (Якуб выходзіць.)

З’ява III

Ян. Ну, што ж, Гануля? Пайшла б за Пранцішка?

Ганна (энергічна). Да куды там?!

Ян. Але што з таго будзе, што ўсім адказываеш?

Ганна (прыбіраючы хату). Ці ж бо мне дома кепска. Тата ж мяне не праганяеце…

Ян. Добра, але ўсё ж такі век маладая не будзеш, а як пастарэеш, хто цябе тады возьме. Я ўжо стары, ужо столькі не пражыву, колькі пражыў. Як прыйдзецца рукі злажыць, то хто тады табе ў помач стане? Гаспадарку разарвуць, цябе пакрыўдзяць… Старасць – не радасць.

Ганна. Пажывеце, тата, пажывеце.

Ян. Я ведаю: у цябе ў галаве Ігнась.

Ганна. Ігнась – не Ігнась, а за Пранцішка не пайду.

Ян. То чаму ж свату зразу не сказала?

Ганна (з абідаю). А гдзе хто бачыў, каб дзеўка з сватам гаварыла? Гэта ж сорам! Тады б мяне на засценку засмяялі.

Ян. Яно то праўда, што табе неяк не выпадае.

Ганна. Але татут то я ўсё скажу, як на споведзі. Не пайду за Пранцішка, бо тут яго ўсе знаюць, як аблупленага ката. Усе

. з яго толькі кпяць і смяюцца. Ніхто аб ім добрага слова не скажа. Ходзіць па-моднаму, увесь у чорным, сурдут доўгі, ззаду разрэзаны… Не раўнуючы, як той чорт.

Ян. Бачыш яго! А я гэтага і не ведаў!

Ганна. Бо тата ўсё або ў полі, або ў хаце. А я ведаю, бо не раз яго спатыкала. Як сустрэну яго на вуліцы, дак кожын раз ажно жахнуся. А сабакі ненавідзяць яго горш, як воўка. Часам за паўвярсты ад засценка дагоняць яго ды калошы паабрываюць. Цьфу! Сабака яго не можа сцярпецьб а я бы мела за яго замуж ісці…

Ян. Кажуць, што вучоны.

Ганна. Вучоны, вучоны! Бульбы ад рэпы не распазнае. А гаворыць дык так, што і зразумець яго трудна. Нашае мовы саромеецца.

Ян. Гэта брыдка! Але хацелася б мне зяця прычакаць, — унукаў бы гадаваў.

Ганна. Прычакаеце, прычакаеце.

Ян. Цяжка, бачыш, з гаспадаркаю ўпраўляцца, а найміт — не свой чалавек: і дорага каштуе, і на старану атоў што перадаць, ведама, чужы.

Ганна. Але! А хочаце мяне ў горад аддаць. А хто ў вас за гаспадыню будзе, хто каровы падоіць, хто свінні пакорміць? Хто страву вам зварыць, Хто з жнейкамі ў постаці стане!

Ян. Я цябе не няволю.

Ганна. Тут я радзілася, тут і матуля мая пахавана, тут я і астануся. Хто б тагды магілку матчыну прыбраў, Зарасла б яна дзікім зеллем, а вам бы матка супакою не дала за тое, што мяне ад яе адлучылі… (Плача.)

Ян (разжалены). Не плач жа, не плач. Я ж цябе не прымушаю. Мне і самому дужа ён не падабаецца. Дый цяжка мне ўжо аставацца аднаму. Ведаю, пра Ігнася думаеш, дый нешта ж ён маўчыць дагэтуль, не сватаецца.

Ганна. Але і да іншых не ўдаецца.

Ян (смеючыся). А ты б яго хацела. (Ад якойсь пары ўжо сабакі брэшуць.

Ганна. Мала бы што, ды мне і з вамі добра.

Ян. Але каго гэтак сабакі апанавалі? Выскачы, дачушка, глянь, каго яны так тамака бяруць? (Ганна выходзіць.)

З’ява IV

(Ян, зняўшы з кручка кажух, падкінуў сабе пад галаву і прылёг за сталом на лаве, так што яго не відно ад дзвярэй. У хату ўскаквае, уцякаючы ад сабак, Пранцішак — бледны, задыхаючыся; ён у чорным сурдуціку, у чорных нагавіцах, у белых рукаўчыках і каўнерыку.)

Пранцішак (азірнуўшыся па хаце). І тут нікагусенька. А псямаць іх, чуць мне сурдута не з’елі. Цэлых пяць рублёў жыду аддаў за яго, але на такія залёты дык і то дорага. (Падышоў к лаве і змятае яе хустачкай.) Але жыць тутака – то я бы не жыў. Забяру Ганну ў горад, дам сабе з ёю рады, каб толькі пасаг у рукі як прыбраць – вось што.

{{Рэпліка|Ганна|прачыніўшы дзверы|Тата тут? (Убачыўшы Пранцішка.} А-а-а! А гдзе тата?}

Пранцішак. Не вем… Добры вечар, паненка! А на цо то паненка таты шукае? Можа, мы і без таты моглісь бы паразмавяць. Я наўмысле тэго пшышэд.

Ганна. А аб чым мы маем гаварыць? Калі якое дзела маеце, тата на тое…

Пранцішак (прыдзержваючы Ганну за руку). Але няхай паненка пачэка. Без таты нам бэндзе свабодней; паненка ве, што пры тату не выстко можна робіць. (Памаўчаўшы.) Паненка ўжо ве, чаго я ту пшышлэсь?

Ганна. Не, не ведаю!

Пранцішак. Як то? Прэце ж ту был пан Якуб, он мне мувіл…

Ганна (нецярпліва). Што вам пан Якуб гаварыў, таго я не магу ведаць.

Пранцішак. Але ж, паненка, я ту пшышлэсь да паненкі в сваты, а паненка гневалася на мне, як на злэго.

Ганна. А ці ж у сваты хто гэтак ходзіць і сорам дзяўчыне прычыняе, і дзверы заступае?!

Пранцішак. Цо бо то паненка до мне, як до хлопа, гада. Чы бы то мы не моглісь фізычней паразмавяць. Прэце ж паненка такі шляхэтна естэсь, а то по-простэму і по-простэму.

Ганна. Няхай сабе і “па-простэму”. Няўжо ж крыва лепш, як проста?

Пранцішак. Я, відзі паненка, не естэсь просты. А вшыстко так цоколек розумем. А ўмесці да школы ходзілэсь. З ружныміпанамі знамся.

.

.

.

.

.

. тэйшы? Ратуйце! Памажыце!.. Гэта дзяўчына шалёная ці якое ліха… Забіць хоча…

Ян. Вон, паганец!.. Віш, ты! Брахаць будзе… Вон, каб і нага твая тут не была!.. Я б з табой іначай пагаварыў, але абразы шаную і звычай святы. Адно вынасіся швыдчэй, а то часам і не вытрываю.

Пранцішак (адступаючы да дзвярэй, к сабе гаворыць). Ну, яшчэ добра скончылася.. Я баяўся, каб не было горай… (Шмыгнуў за дзверы.

З’ява V

Ганна (туліцца к бацьку). Балазе, татачка, вызвалілі мяне ад гэтага гада.

Ян. Дык праўду казалі аб ім, што не самавіты. Вось табе і моднае сватаўство!

Ганна (утаропіўшыся). Ціха, тата!

Ян. А што там?

Ганна. Як бы званок чуто, чуеце?

Ян (слухаючы). Але ж. Пошта ці што?!

Ганна. Як бы са шляху звярнулі. (Глядзіць у акно.)

Ян. Зноў бяда якая ці што. Да каго ж бы гэта? Хіба што не да нас… Дый хто?..

Ганна (стаіць ля акна). А мо і да нас. (Разам зрадзеўшы.) Татачка! Да гэта ж сваты. І да нас, да нас! Ужо і Бэйшараву хату мінулі…

Ян (паглядаючы ў акно). Праўда! Во, гэта дык па-людску, па-гаспадарску.

Ганна. А што, тата? Ці ж не казала? Вось і сваты!

Ян. Але коні добрыя. Ды хто ж бы то?

Ганна. Ігнась! Ігнась са сватам едзе!..

Ян. Ідзі ж, дзеўка, прыгарніся трохі, бо растрапалася, з гэтым злодзеем тузаючыся.

Ганна. Што гэта сягоння? Ажно галава кругом пайшла… (Выбягае)

З’ява VI

(Ян ходзіць неспакойна па хаце. Дзверы адчыняюцца і ўваходзіць сват Андрэй.)

Андрэй. Хай будзе пахвалёны!

Ян. На векі векаў! Што гэта, куме, ці не воўк здох, што ўрэшце ўспомніў аба мне? Гэтулькі часу і носа не ткнуў.

Андрэй. Часу, кумочку, не было. Далібог, колькі разоў збіраўся, ды ўсё неяк не выходзіла.

Ян. Эй, гавары, куме!.. Вось сядай лепей і кажы, што чуваць? Як баба маецца? Як дзеткі? Андрэй. Дзякую! Нічагутка, жывема памаленьку. Як сам? Як дачка?

Ян. Здаровы, дзякаваць богу. Але сядай жа, нарэшце!

Андрэй. То і дзякаваць. А калі будзеце рады купцам, дык сяду!

Ян. Да ўжо ж, хто мае тавар, той і купцам рад. Што да цаны, то ці зойдземся, – а так ласкаве просім.

Андрэй. Яно то так. Але пакуль аб цану таргавацца, трэба б тавару паглядзець.

Ян. Пачакайце крышку: я пайду клікну яе. (Выходзіць.)

З’ява VII

Ян (уваходзіць, ведучы засаромеўшуюся дачку; за ім ідзе Ігнась). Ого! Пакуль мы тут, яны самі праз акно таргуюцца. Кажы, дачка, ці хочаш Ігнася?

Ганна. Як, тата, скажаце… (Падыходзіць да Андрэя і цалуе ў руку.)

Ян. Бач, якая пакорная?! А даўно то аднаго адправіла. Ну, давай, падвячоркаваць. (Ганна выбягае, штурхнуўшы Ігнася.) Ну, Ігнась, сядай, пагаворым.

Ігнась (цалуе ў руку). Дзякую пану бацьку. (Усе паселі за стол. Ганна прыносіць яечню на скаварадзе; бацька рэжа хлеб і кладзе перад кожным па лусце.)

Андрэй (налівае чарку). Такі трэба б было нам старгавацца.

Ян. А што нам таргавацца? Дзе ўжо згаварыліся, а ўсё, што мае, то іх будзе. Гаспадарка Ігнасёва невялікая, дык там брат яго ўправіцца, а Ігнат пры мне будзе.

Андрэй. Ну, дык згода! Будзь, куме, здароў і дзяржыся крэпка! (Выпівае.)

Ян. Пій на здароўе! Хай бог дзецям памагае! (Тым часам пачынаюць збірацца кабеты, хлопцы, дзяўчаты.)

З’ява VIII

Ян. Ну, калі і гасцей нам бог прыслаў, то няхай ужо ўсім будзе весела. Хадзі, Юрка, сюды. (Падыходзіць шустры чарнявы хлопец.) Схадзі, бач, скрыпку вазьмі, ды няхай і Волесь цымбалы цягне.

Юрка. Мо і Юзіка з кларнетам клікнуць? Ян. Так бягай хутчэй. А ты, Ганна, скажы Піліпу, хай з клеці прынясе баклажку. (Ганна выбягае і, як бач, прыносіць разам з Піліпам місу нарэзанага сыру і баклажку з гарэлкай. За імі ўваходзяць музыкі, строяць інструменты і пачынаюць іграць. Ігнась бярэ Ганну і ідзе ў танец, прыпяваючы, а за імі другія.)

Хор дзяўчат.

Кацілася па вуліцы белая талерка,
Слаўны хлопец, слаўны хлопец, – харошая дзеўка.

Хор хлапцоў.

Нашто дзеўцы рэшата,
Нашто дзеўцы сіта, –
Хлопец дзеўку пацалуе, –
Дзеўка будзе сыта.

Ганна (да Ігнася).

Мая песня ўся:
Люблю Ігнася…

Ігнась (да Ганны).

У горадзе гарбузы,
У Кіеве дзядзька;
За то цябе палюбіў,
Што цалуеш гладка.

(Да музыкі.)

Іграй, іграй, іграчу,
А я табе заплачу,
А я хатку прадам,
Табе грошы аддам…

(Танцуе з Ганнай. Хор утурыць апошнія словы песні. Пасля Ігнась з Ганнаю выходзяць з грамады і становяцца наперадзе сцэны каля акна.)

Ганна. Чуеш, Ігнась, як сабакі бяруць. Што там за ліха па засценку цягаецца?

Ганна. Чуеш, Ігнась, як сабакі бяруць. Што там за ліха па засценку цягаецца?

Ігнась (пазіраючы ў акно). Цёмна. Не відаць. Трэба выйсці паглядзець, што там такое.

Ганна. А цябе сабакі не парвуць?

Ігнась. Яны мяне ўжо знаюць. (Ігнась выходзіць. Ганна глядзіць у акно. Моладзь танцуе, а старыя частуюцца.)

Ігнась (вяртаецца). Нехта дарогаю да нас бяжыць, як жару ўхапіўшы.

Гана (пазіраючы ў акно). Бачу, бачу – каля загарадзі. Гэта ж наша ліха.

Ігнась (гледзячы ў акно). І якраз сюды звяртае.

Ганна. Тату, тату! Той гад ізноў к нам бяжыць. (Пачуўшы Ганну, усе пакідаюць танцаваць, а за імі і музыкі адзін за адным зарываюць ігру.)

Ян (устаючы з-за стала). А ліха ж матары яго галаве. Хаты маёй не шануе. Ой, мусіць такі прыйдзецца мне выкінуць яго за дзверы.

З’ява IX

Пранцішак (бледны, у абарванай адзежы, у памятым капелюшы; ускаквае на сярэдзіну сцэны). Га, зладзеі! Гэта вы павыпускалі сабак на мяне?! Ну, заплаціце ж вы мне за гэта.

Ян. А, ягамосць, так не крычы, бо тут ёсць і старэйшыя за цябе… ды такія, што цябе супакоіць патрапяць.

Пранцішак. А самі мне за адзежу заплаціце! Мала таго, што нада мною тут наздзекваліся, яшчэ і сабакамі нацкавалі…

Ян. Гэта ж ужо з гадзіну будзе, як ягомасць адгэтуль выйшаў.

Пранцішак. Ужо ў канцы засценку быў, як мяне сабакі апанавалі.

Ян. Мае сабакі ў канцы засценку былі?

Пранцішак. Вашы чы не вашы, але вы мне заплоціце, бо я ў вас быў.

Ян. Ніхто не зваў.

Пранцішак. Паліцыю паклічу. У суд пацягну…

Ян. Баюся я, як заяц рабой кабылы.

Пранцішак. Сурдут 20 рублёў і порткі 6, а капялюш 2 рублі, то разам 28 рублёў. Плаціце! А то ў суд падам і на вас, і на ўвесь ваш засценак.

Ігнась. То мы ўсе будзема плаціць?

Пранцішак. А ўжо ж усе.

Ігнась. І за той брыль?

Пранцішак. І за той.

Ігнась (выхапіўшы з рук капялюш). Давай сюды! Калі маю плаціць, то няхай хаця пацешуся ім. (Кулаком прабівае брыль.)

Пранцішак. Што ты робіш, дурню?

Ігнась (спакойна). Што? А беларускую шапку.

Пранцішак (сярдуючы). Мой капялюш папсаваў.

Ігнась. А табе якое дзела? Я заплачу. Гэта ўжо мой, а не твой.

Ян. Праўда Ігналёва. Сварыцца я з табою не буду, дый па судах цягацца не хачу. Сам табе заплачу. Але за тое, што ты мяне па-шальмоўску хочаш ашукаць ды хочаш злупіць 28 рублёў за тое, што каштуе 10, кару, панічу, дастанеш і свае лапсардакі тутака на мейсцы пакінеш.

Пранцішак. Што?! Я паліцыю! Я ў суд!

Ян. Паліцыя тут нічога не паможа, а на такога злодзея, як ты, суду ні божага, ні людскога няма. А ну, хлопцы, раздзеньце яго, гэтага панічыка. (Хлопцы абступаюць і прыдзержваюць Пранцішка.)

Пранцішак (тузаючыся). Што?! Сурдут?! Не здзірайце сурдута! А-ей! а-ей!.. Паненкі глядзяць…

Андрэй. Ніякіх тут паненак няма, адно нашы дзяўчаткі, а яны ведаюць, што чалавек у свіце не родзіцца. Хлопцы. А ну, жыва! (Хлопцы здзіраюць сурдут. Пранцішак астаецца ў манішцы на голым целе і ў рукаўчыках на голых руках. Агульны смех.) Глядзіце: гэта іх такая гарадская мода, што без кашулі ходзяць.

Ігнась. Ну, цяпер давай, братка, і нагавіцы.

Пранцішак. Ой-ой-ой!.. Людцы добрыя! Ратуйце! Заб’юць!..

Ян. Ціха, не крычы. А то на твой прыродны мундзір яшчэ што прыложым. А калі я за нагавіцы плачу, то і давай.

Хлопцы. Скідай барджэй нагавіцы! Скідай! Скідай! (Адны дзержаць Пранцішка пад пахі, а другія пачынаюць нагавіцы спушчаць.)

Завеса

Источник

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Фатаграфія Каруся Каганца (1868—1918)

   Празаік, паэт, драматург, мастак, грамадскі дзеяч Карусь Каганец (сапраўднае імя Казімір Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі) нарадзіўся ў г. Табольску. Паходзіў са старадаўняга беларускага шляхецкага роду, даводзіўся сваяком Міхалу Апалінару Кастравіцкаму, дзеду французскага паэта Гіёма Апалінэра. Бацька пісьменніка Карл Самуілавіч Кастравіцкі валодаў невялікім маёнткам Навасёлкі на Койданаўшчыне, меў агранамічную адукацыю, любіў музыку. Маці, Юлія, паходзіла з вядомага на Беларусі шляхецкага роду Свентарэцкіх, скончыла інстытут у Вільні. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. бацьку (быў членам-рэферэнтам паўстанцкай арганізацыі на Міншчыне) саслалі ў Табольск, а маёнтак канфіскавалі. У Табольску з ім жыла і сям’я, тут і нарадзіўся будучы пісьменнік. У 1870 г. сям’і Кастравіцкіх дазволена было перасяліцца ў Казанскую губерню, а ў 1872 г. — вярнуцца на радзіму. Пасля вяртання жылі ў вёсцы Засулле (цяпер Стаўбцоўскі раён), а з 1880 г. — у вёсцы Юцкі каля Койданава.
   Пачатковую адукацыю Каганец атрымаў дома, пасля вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Імкнучыся авалодаць жывапісным і скульптурным майстэрствам, у 1890 гг. паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1899 г. Каганец ажаніўся і асеў на сталае жыхарства ва ўрочышчы Ліссі Норы (Прымагілле). Каб утрымаць сям’ю, у якой было чацвёра дзяцей, ён вымушаны быў шукаць дадатковы заробак — працаваў у чайнай у Мінску, у мастацкай майстэрні ў Рызе, Мінскім таварыстве дабрачыннасці, потым служыў дзясятнікам у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое-Седльцы.
   Каганец — актыўны ўдзельнік і ідэолаг нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай грамады і Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1904 і 1905 гг. без выніку звяртаўся ў Галоўнае ўпраўленне па справах друку аб выданні ў Мінску беларускай газеты «Палессе» (рэдактарам меўся быць Д. Бохан). Актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг. За агітацыю сярод сялян Койданаўшчыны 19 снежня 1905 г. быў арыштаваны і да 16 мая 1906 г. зняволены ў мінскую турму. Выпушчаны з турмы да суда, жыў выпадковымі заробкамі. Вясной 1910 г. Віленская судовая палата на пасяджэнні ў Мінску прыгаварыла Каганца да года зняволення ў мінскай турме. За турэмнымі сценамі многа пісаў, маляваў, зрабіў ілюстрацыі да твораў Якуба Коласа, які знаходзіўся там жа (малюнкі не захаваліся). Пасля выхаду на волю доўга не мог знайсці работы. Толькі ў пачатку 1912 г. удалося атрымаць пасаду аканома ў фальварку Жортай (цяпер Барысаўскі раён) у пана Копаця, дзе працаваў да вясны 1918 г. Старшынстваваў на з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый (Мінск, 25-27 сакавіка 1917 г.). Абвастрэнне даўняй хваробы — сухотаў — вымусіла пераехаць да брата ў Прымагілле, дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Навасёлкі каля Койданава (Дзяржынск).
   Літаратурную дзейнасць Каганец пачаў у канцы XIX ст. Самыя раннія з яго твораў, што дайшлі да нас, датуюцца 1893 г. Артыкулы, апрацоўкі народных легенд друкаваў у газетах «Минский листок» і «Северо-Западный край», потым супрацоўнічаў з «Нашай Нівай». Пры жыцці асобным выданнем выйшлі «Беларускі лемантар» (1906) і вадэвіль «Модны шляхцюк» (1910). Яго творчая спадчына жанрава разнастайная: проза, паэзія, драматургія, публіцыстыка. Большасць яго апавяданняў маюць легендарны каларыт, асаблівую рытмічна-сказавую стылёвую манеру. У іх аснове ляжаць мясцовыя легенды, народныя паданні. Адштурхоўваючыся ад фальклорнай асновы, Каганец ярка і дынамічна перадае сюжэт, напаўняе творы трапнымі мастацкімі дэталямі. Заўважаецца моцны ўплыў гутарковай мовы. Ёсць у пісьменніка апавяданні, напісаныя на сучасным яму матэрыяле, якія вызначаюцца рэалістычнасцю малюнкаў з побыту плытнікаў і леснікоў, завостранасцю матываў сацыяльнай няроўнасці. Пісаў навукова-папулярныя нарысы для дзяцей, якія ўвайшлі ў школьную чытанку. У публіцыстычных артыкулах творцам ставяцца праблемы беларускага нацыянальнага адраджэння, пытанні культуры, мовы.

Похожие статьи:

Карусь Каганец → Карусь Каганец – Парада

Карусь Каганец → Карусь Каганец – Скрыпач і ваўкі

Карусь Каганец → Карусь Каганец – Модны шляхцюк

Карусь Каганец → Карусь Каганец – Старажовы курган

Карусь Каганец → Карусь Каганец – Прылукі

Источник